9. Вершы аб любай Радзіме

 

Анатолій Балуценка

http://ab6tt.narod.ru

 

 

4     РОДНАМУ КРАЮ

 

Калi Максiм пiсаў пра зорку,

Зямелька чыстаю была,

I рэчка Сож, ужо ад золку,

Ўсiх напаiць вадой магла.

 

Стаялi вербы над вадою,

Купалi ў ёй сваё галлё,

Лес вабiў позiрк за ракою,

Дзяцiнства тут прайшло маё.

 

Заўсёды быў такiм прыгожым

Мой родны, любы сэрцу край,

Ляжыць што вольна па-над Сожам,

Цяпер аб шчасцi ўспамiнай:

 

Прыйшла чарнобыльская хмара,

Радзiма у бядзе мая,

Цяпер мой родны край – ахвяра.

Чым правiнiлася зямля?

 

Рыдала ад бяды прырода,

Падзеi – як ў кашмарным сне,

Туга i боль майго народа

Прыйшлi таксама да мяне.

 

Што, Беларусь, цябе чакае,

Якая у людзей вiна?

Чаму бязлiтасна карае

Нас то Чарнобыль, то вайна?

 

25.09.1992

 

Home Page     Змест

 

6     ЗНЯВЕЧАНАЯ РЭЧКА

 

Рэчка лагодная, дзiва прыроды

Несла ў Дняпро свае цiхiя воды,

Рэчка мая называецца Сожам,

Рэчышча ў iм было самым прыгожым.

 

Рэчка такая ж на выгляд цячэ,

Цiхую смерць ў сваiх водах нясе,

Чорны Чарнобыль ўраз чорным крылом

Чорнаю хмарай прайшоў над Сажом.

 

Яе ў нас атам украў лiхадзей,

Гора чакае бязвiнных людзей,

Што па-над Сожам адвечна жывуць,

Нiву цяпер надта горкую жнуць.

 

Няўжо чакаць трэба трыста гадоў,

Каб i для нас ззяла сонейка зноў?

I каб нуклiдаў прыродны распад

Смерць мог адвесцi без працы i трат.

 

I па-над Сожам прыемна зноў будзе,

Цi дажывуць да таго часу людзi?

Трэба не манны нябеснай чакаць,

А неадкладна людзей ратаваць.

 

Стане лагоднаю рэчка няскора,

Бо Сож нуклiды сплаўляе у мора,

I, як раней, любай рэчцы не рад,

Доўжыцца боль i прыродны распад.

 

27.09.1992

 

Home Page     Змест

 

41     РЭЧКI ПIНСКА

 

Пiнск я горача люблю,

Бо тры рэчкi мае,

Прыгажосць здаўна сваю

Людзям адкрывае.

 

Прыпяць ў горадзе бяжыць,

Цi знойдуцца тыя,

Хто няздатны палюбiць

Воды залатыя?

 

Пiна. Назва ад яе

Горад аздабляе,

Воды цiхiя свае

З Прыпяццю злiвае.

 

Ясельда – рукой падаць,

Хоць вакол балота,

Ды заўсёды пабываць

Зноў на ёй ахвота.

 

Рэкi ёсць i гарады,

Ды сярод мiльёнаў,

Пiнск па колькасцi вады

Будзе чэмпiёнам!

 

Пiнск занадта не хвалю,

Не было каб спрэчкi,

Але горад свой люблю:

Побач з iм тры рэчкi.

 

10.11.1992

 

Home Page     Змест

 

53     ЦУДОЎНЫ КРАЙ

 

Душой цяпер яму адданы ўвесь я,

Ён надта родным стаў мне спакваля,

Край любы Беларускага Палесся,

Яго красой ўпрыгожана зямля!

 

Чаруе позiрк залатая Пiна,

Чароўныя хваёвыя лясы,

I Прыпяцi багатая данiна

Такая ж, як i ў Коласа часы!

 

Вядуць мяне рыбацкiя дарогi

Да рэчкi праз квяцiстыя лугi,

Там буслы не баяцца анi трохi,

Малюнак дзiўны, сэрцу дарагi!

 

Вясёлкай ззяюць ранкам ў травах росы,

Як паўстае чырвоны сонца блiн,

I вабяць вока роўныя пракосы,

Ды водарам дурманiць кумарын!

 

Аблокi часам прабягуць iмклiва

Або спадзе завесаю iмжа,

Заўжды вакол убачыць можна дзiва,

Цуд дорыць рамантычная душа!

 

Красой чаруе стала паднябессе,

Лясоў прасторы, рэчкi ды лугi,

Люблю свой край, цудоўнае Палессе,

Нiякi непатрэбна мне другi!

 

25.11.1992

 

Home Page     Змест

 

96     ТРЭБА ВЯРТАЦЦА

 

Ўсё жыццё амаль пражыта

У чужой старонцы,

Беларусь, край льну i жыта,

Свецiць мне, як сонца!

 

Неразрыўнасць адчуваю

Я з сваiм народам,

Да свайго iмкнуся краю

Болей з кожным годам.

 

Бегла так жыцця сцяжынка,

Што прыйшлось расстацца,

Але скончылась замiнка,

I пара вяртацца.

 

Хай жыццё гады гартае,

Але ведаць трэба:

Што мяне ў жыццi трымае,

Дзе натхнення глеба?

 

Я сваю Радзiму маю,

Мне яна – як мацi,

Ў думках часцяком бываю

У бацькоўскай хаце.

 

Кожны там мне будзе братам,

Ў роднай зямлi – сiла,

Я жадаю, каб была там

I мая магiла.

 

30.08.1993

 

Home Page     Змест

 

99     ГIМН ПРЫПЯЦI

 

I цяпер спакойна i павольна,

Як калiсьцi, ў Коласа пару,

Прыпяць плынь вады нясе прывольна,

Каб данiну падарыць Дняпру.

 

Не жадаю прамiнуць нагоды,

Падымаюсь ранкамi чуць свет,

Назiраць спакойныя каб воды

Там, дзе паглядаў у iх Паэт.

 

Пiнкавiчы, побач з вёскай Прыпяць

Нясе воды, як сто год таму,

Шмат натхнення мне ўдалося выпiць

З месц Паэта, ўдзячны я яму.

 

Бо рыбачу ў Прыпяцi нярэдка,

Вуды кiну ў глыбiню ракi,

Ў рыбнiку амаль пустая сетка,

Ды бягуць прыгожыя радкi.

 

Я прыходзiць зноў на Прыпяць буду

Не за рыбай, пэўна, перш-наперш,

Хоць закiну ў яму хутка вуду,

Ды краса ракi народзiць верш.

 

Бо выразна чую яе голас,

Бачыў прыгажосць раней Паэт,

Напiсаў аб Прыпяцi гiмн Колас,

Ён хвалюе паэтычны свет!

 

1.09.1993

 

Home Page     Змест

 

169     НАВЕДВАННЕ БЕЛАРУСI

 

Хоць Беларусь i не ўзбярэжжа Крыма,

Ды лепей што у свеце можа быць!

Пяшчотна клiча да сябе Радзiма,

Каб з ёю мог душою адпачыць.

 

Прыемна паглядзець на яе гонi,

Асобна як пачалi ўзнёсла жыць,

I як дзяржава ў прамянях Пагонi

Сваю свабоду здатна баранiць.

 

Чаруюць вока сiнiя азёры,

Лагодных рэк празрыстая вада,

I лесу неабсяжныя прасторы.

Цудоўна! Ды да нас прыйшла бяда.

 

Цяпер, як прыязджаю на Радзiму,

Маю душу турбуе цяжкi гнёт:

Як перажыць нам атамную зiму?

Якiм пасля застанецца народ?

 

На вока радыяцыi нябачна,

Ды атам спакваля нам смерць нясе.

Ў наступным лёс складзецца наш удачна

Або, наогул, мы загiнем ўсе?

 

Як зноўку з Беларусi ад'язджаю,

Зусiм спакою думкi не даюць:

Цяпер за лёс яе перажываю,

Як беларусы родныя жывуць?

 

22.09.1993

 

Home Page     Змест

 

181     ДАРОГА

 

Пад колы шлях кладзецца роўны,

Бо, нiбы цуд, асфальт шашы,

Вакол свет дзiўны i чароўны

Пачуццi дорыць для душы.

 

Лес стаў сцяной, пасля балота

Цi рэчкi сiняя дуга,

Бяроз асеннiх пазалота,

У сэрцы радасць цi туга.

 

Малюнкi – як ў калейдаскопе,

Калi круцiць туды-сюды,

Няспынна, быццам конь ў галопе,

Бягуць пасёлкi, гарады.

 

Ляжыць абапал край мой родны,

Мая бацькоўская зямля,

Гляджу на хуткасцi праз вокны,

Цудоўны настрой маю я.

 

Глядзець мне хочацца бясконца,

Ў душы пяшчотнасць i спакой,

Шлях падарыў праменьчык сонца,

Пачуццi хлынулi ракой.

 

Душы прыемна у дарозе,

Уражанням цудоўным рад,

Бо наваколле даць у змозе

Пачуццяў вабны вадаспад!

 

25.09.1993

 

Home Page     Змест

 

218     ДАЛЁКАЯ РАДЗIМА

 

Калi далёка ад Радзiмы,

Ў душы ад успамiнаў боль,

Зямля, цябе што нарадзiла,

Ва ўяўленнi заўжды з табой.

 

Радзiма даць у змозе сiлы,

Ў душы пяшчота ад яе,

Ды разлучыў нас лёс нямiлы,

Туга спакою не дае.

 

Радзiма побач – ёсць нягоды

Ад халадоў або завей,

Ды на адлегласцi заўсёды

Любоў к ёй значна гарачэй.

 

Хоць я далёка ад Радзiмы,

Ды адчуваю ясна зноў:

Не ахалодзяць сэрца зiмы,

Бо ёсць адвечная любоў.

 

Яна, як зорка, залацiцца,

Ды не магу яе дастаць,

Ва ўяве бачу, часта снiцца,

Радзiму лепей не кiдаць.

 

Але яшчэ надзею маю,

Дай Бог, мне да таго дажыць,

Каб пра адданасць свайму краю

Мог асабiста гаварыць.

 

8.10.1993

 

Home Page     Змест

 

226     ЖЫЦЦЁВЫ ЭТАЛОН

 

Прыгожы, чысты, крышталёвы,

I сэрцу вельмi дарагi.

Мой Сож! Табе падзякi словы,

Не знойдзецца такi другi.

 

Ў жыццi пабачыў рэк нямала,

Але такой няма, як Сож!

Любоў мне у душу запала,

Як цуд, заўсёды ён прыгож!

 

I бераг ў мураве ласкавы,

Ў люстэрка вод глядзяць кусты,

I выгiн рэчышча цiкавы,

Бяжыць спакойна плынь вады.

 

Чароўным серпанцiнам ўюцца

Ў цудоўных плёсах берагi,

I хвалi весела смяюцца,

Сож любы сэрцу дарагi.

 

Раку дзяцiнства ўспамiнаю,

Заўжды ў жыццi яна са мной,

Ў уяве светлы вобраз маю,

Сож – эталон жыццёвы мой.

 

Якую рэчку не пабачу,

Ўсплывае ў думках Сож заўжды,

Юнацтва вернецца, няйначай,

Я зноў раблюся малады.

 

11.10.1993

 

Home Page     Змест

 

319     РОДНАЯ ЗЯМЛЯ

 

Нядаўна буслы адляталi ў вырай

Ў страi прыгожым, нiбы на парад,

Праводзiў ў шлях iх паэтычнай лiрай,

Цяпер яны вярнулiся назад.

 

У цяжкi шлях паклiкала каханне,

Заморскiх непатрэбна iм прынад,

Бо з роднаю зямлёй мiлей спатканне,

Каб ўзгадаваць цудоўных буслянят.

 

Iдзе за цыклам цыкл такi упарта,

Як тысячы гадоў таму было,

Iм цяжкi шлях пераадолець варта,

Каб буслянят паставiць на крыло.

 

Абодва ў пары пачыналi зранку

Вакол лятаць у пошуках галля,

Старую каб рамантаваць буслянку,

Прытулак добры мела каб сям'я.

 

Жыць буслы надта любяць каля хаты,

Iмгненна пралятае летнi час,

Паволi падрасталi бусляняты,

Але рашылiсь i ўзляцелi ўраз.

 

I зноў яны адправяцца у вырай,

А я пачую суму галасы,

Праводжу ў шлях iх паэтычнай лiрай,

Так будзе надалей ва ўсе часы.

 

1.12.1993

 

Home Page     Змест

 

420     МАЛIТВА

 

Калiсьцi вельмi чыстую зямлю

Стварыла нам Вялiкая Прырода,

Не бераглi кармiцельку сваю,

Заўжды была ёй платай толькi шкода.

 

Але за нечы кошт патрэбна жыць,

Прынеслi людзi ёй бяды нямала,

Яна цярпела. Што магла зрабiць?

Ды надышла з Чарнобыля навала...

 

Заплакала зямля, навокал жах,

Бо жудасна глядзяць у неба хаты,

Як у вайну, у гэтых жа краях,

Глядзелi ў неба мёртвыя салдаты.

 

Смерч атамны пранесся над зямлёй,

Але яго мы самi утварылi,

I лёс зямлi, таксама, як лёс свой,

На многiя стагоддзi атруцiлi.

 

Цяпер няўцешна плача ўся зямля,

Але яна паскардзiцца не можа.

О, Беларусь, няшчасная мая!

Дай дапамогу нам, Вялiкi Божа!

 

Каб выжыць i не згiнуць нам усiм,

Каб беларусам выпаў шанц застацца,

Каб быў народ наш вечна маладым,

I каб былi мы здатны усмiхацца.

 

2.12.1994

 

Home Page     Змест

 

463     АПОШНI БОЙ

 

Край мой родны, Дняпра край i Сожа,

Дзе iскрылась у рэчках вада,

Дзе навокал было ўсё прыгожа,

Нечакана кранула бяда.

 

У вайну нацярпелiсь нямала,

Вось цяпер краю жыць бы ды жыць,

Але зноў нас спаткала навала,

Край мой родны у смутку ляжыць.

 

К нам чарнобыльскi попел спусцiлi,

Як на ворагаў, каб захапiць,

Ўсю прыроду вакол атруцiлi.

Як цяпер на сваёй зямлi жыць?

 

I нiхто не звяртае увагi,

Чаму доля такая у нас?

Чаму лёс вытварае зiгзагi,

I цi будзе яшчэ добры час?

 

Ўсё пытаннi, бясконца пытаннi,

I нiхто даць не хоча адказ:

Цi мы пройдзем па жудаснай гранi,

Або згiнем павольна, не ўраз?

 

Край мой родны! Што ж доля нямiла

Абышлася яшчэ раз з табой?

Божа! Дай i надзею, i сiлу,

Каб апошнi нам вытрымаць бой.

 

19.12.1994

 

Home Page     Змест

 

464     ЗIМОВЫЯ СОСНЫ

 

Многа сустракаў з табою вёсен,

Край мой, я далёка ад цябе!

Цуд прыгожых залацiстых сосен

Вельмi часта бачу толькi ў сне.

 

Дзе нi глянь, там лес стаiць зялёны,

Ўзiмку сосны здатны зелянець,

Голыя дубы, бярозы, клёны,

Сосны могуць ў непагадзь шумець.

 

Радуе краса душу i вока,

Лета можна назiраць зiмой,

Сосны падымаюцца высока,

Залатой аздоблены карой.

 

Сосны да спадобы беларусам,

Iх кароны дзiўныя люблю,

Бо зялёным лесам, як абрусам,

Сосны упрыгожваюць зямлю.

 

Мне прыемна быць ў зiмовым лесе,

Дрэвы спяць працяглаю зiмой,

Сосны шаты ўзнялi ў паднябессе

I гамоняць цiха мiж сабой.

 

Нiбы цуд, натхняе выгляд сосен,

Яны здатны жыць i ў халады,

Каб ў душы лунала радасць вёсен,

Яны здольны даць яе заўжды.

 

19.12.1994

 

Home Page     Змест

 

582     ЗАЎСЁДЫ РАЗАМ

 

Не трэба адрывацца ад зямлi,

На свет цябе якая нарадзiла,

Мне родныя лясы, лугi, палi,

Нiколi не забыць такое дзiва!

 

Як стала ўсе яны вакол цябе,

То цуд красы не хоча бачыць вока,

Але душа ў трывозе i журбе,

Калi, як зорка, родны край далёка.

 

I лепшыя на свеце ёсць краi,

Край, дзе жыву я зараз, непаганы,

Ды сэрцу не знайсцi мiлей зямлi,

Сум па Радзiме, быццам бы ад раны.

 

У думках зноў вяртаюсь да цябе,

Мой родны Крычаў над чароўным Сожам,

Ты ў радасцi са мною i ў журбе,

I для мяне, як цуд зямны, прыгожы!

 

Дзяцiнства i юнацтва тут прайшлi,

Пазнала сэрца першае каханне,

Ў свет ад цябе дарогi павялi,

Пабачыць родны край жыве жаданне.

 

Не трэба пакiдаць зямлю бацькоў,

Калi здарылась, лепш вярнуцца з часам,

Бо да Радзiмы не прайшла любоў,

Ў чароўных думках з ёй заўсёды разам.

 

27.02.1995

 

Home Page     Змест

 

697     БУДУ ВЯРТАЦЦА

 

Краса роднай зямлi палка вабiць мяне,

Бо чароўны яе краявiды,

I любоў да Радзiмы павек не мiне,

Таму сэрцам мой край не забыты.

 

Не жыву трэць стагоддзя на роднай зямлi,

Часам ў госцi я к ёй наязджаю,

Бо далёка шляхi мяне ўбок завялi,

Ды Радзiму пяшчотна кахаю.

 

Дзе б нi быў у жыццi i на што б не глядзеў,

Вынiк з роднай зямлёй параўнаю,

Ды нiдзе больш натхнення нiколi не меў,

Як на роднай зямлi адчуваю.

 

У дзяцiнстве прайшлi мае ногi зямлю:

I лясы, i лугi, i балоты.

Любы Сож мой, цябе я бязмежна люблю!

Ты багата мне даў асалоды.

 

Ад Радзiмы жыву я далёка цяпер,

Ды заўжды яе ў думках трымаю.

Я вярнусь да цябе, дарагая, павер!

Ды магчымасцi зараз не маю.

 

Зямля родная клiча даўно да сябе,

Хопiць блуднаму сыну бадзяцца,

Iрвусь сэрцам, каб зноў прытулiцца к табе!

Хутка буду, нарэшце, вяртацца.

 

6.04.1995

 

Home Page     Змест

 

702     НАЗАЎЖДЫ

 

Развiтання пара далёкая,

З тых часоў сцякло шмат вады.

Беларусь мая, сiнявокая,

Я люблю цябе назаўжды!

 

Ты ва ўяве маёй вясновая,

Вабяць дзiўнай красой сады.

Шчодра дорыш мне шчасце новае,

Ў сэрцы ты маiм назаўжды!

 

Беларусь мая, зорка ясная,

Нам Чарнобыль кiнуў сляды.

Ты цяпер яшчэ i нясчасная,

Быць з табой хачу назаўжды!

 

Я люблю цябе, сiнявокая,

Расставаўся хоць на гады.

Па жыццю з табой пайду хутка я,

Разам будзем мы назаўжды!

 

Бачу ў мроях зямлю я мiлую,

Ў час апошнi мой, ў час бяды,

Стала каб маёй ты магiлаю,

Зямля родная, назаўжды.

 

Беларусь мая! Край бацькоўскi мой,

Выгляд горды твой, малады!

Неразлучным быць я хачу з табой,

Бо вярнуся ўжо назаўжды!

 

7.04.1995

 

Home Page     Змест

 

889     МIЛЫЯ МЕСЦЫ

 

Вялiкая Зямля i немажлiва

Хоць раз пабыць ва ўсiх яе кутках,

Але для сэрца радасна i мiла,

Калi ў знаёмы край прыводзiць шлях.

 

З дзяцiнства сцежка кожная вядома,

Бяжыць яна да рэчкi або ў лес,

I з цела, i з душы спадае стома,

А радасць запаўняе грудзi спрэс.

 

Вiтаюць шчыра сосны залатыя

I срэбная, як дзiва, плынь вады,

Мясцiны дарагiя i святыя

Напомнiлi юнацкiя гады.

 

Адведаць месцы мiлыя цудоўна,

Бо шмат гадоў пяшчоту чэрпаў з iх,

I сэрца б'ецца гулка i няроўна,

Натхняе прыгажосць мясцiн сваiх.

 

У сэрцы месцы мiлыя заўсёды,

Любоў да iх палае без мяжы,

Мясцiн цудоўных многа у прыроды,

Але свае заўжды жывуць ў душы.

 

Жыццё бяжыць бязлiтасна iмклiва,

Усюды немагчыма пабываць,

Вялiкая Зямля, але мажлiва

Ад мiлых месц натхненне атрымаць.

 

21.06.1995

 

Home Page     Змест

 

902     ХТО ВIНАВАТЫ?

 

Радзiма, любая зямля!

Сваiх сыноў ты раскiдала,

Iх за мяжой цяпер нямала,

Такая доля i мая.

 

Гiсторыя нам шанц дала

Дзяржаву мець. Зноў невядомасць...

Нацыянальная свядомасць

У нашы сэрцы не прыйшла.

 

Народ стаў камунiзм чакаць,

Ды i няма чаго здзiўляцца,

Было лепш дома заставацца,

Каб дэмакратыю ствараць.

 

Бо лёгкiх пажадаў шляхоў,

На рэчы хто глядзеў свядома,

А iншыя засталiсь дома,

Таму зноў горкi час прыйшоў.

 

Саюз Савецкi хочам зноў,

Не трэба мовы i дзяравы,

Сваёй нацыянальнай славы,

Бо да Расii ў нас любоў.

 

Свабода непатрэбна нам,

Цураемся i роднай мовы.

К чаму цяпер пустыя словы?

З нас кожны вiнаваты сам.

 

26.06.1995

 

Home Page     Змест

 

923     ЗНОЎ НЯВОЛЯ?

 

Радзiма, любая мая!

Калi ты будзеш гаспадыня?

Спрадвеку ты была рабыня,

Мо доля рабская твая?

 

Здавалась, вольны час прыйшоў,

Але ты волю не шукала,

Гаспадара сабе чакала,

Каб стаць рабыняй у рабоў.

 

Дзяржаўнасцi не набыла,

Як еўрапейскiя народы,

Цябе чужыя топчуць боты,

Ты не такой заўжды была.

 

Заўсёды мела гонар свой,

Змагалась палка за свабоду,

Суседзям, што нам неслi шкоду,

Пад Оршай дала смелы бой.

 

Але змянiлiся часы,

Цяпер зусiм бязвольнай стала,

Сябе у рабства зноў аддала,

Каб есцi ўволю каўбасы.

 

Няўжо няволя прыйдзе зноў

I будзе доўжыцца бясконца,

Не ўзыйдзе над краiнай сонца?

Малюсь, каб час той не прыйшоў!

 

10.07.1995

 

Home Page     Змест

 

948     СВАЯ ЗЯМЛЯ

 

Такое ж неба i такiя ж сосны,

Але ў душы натхненне, хоць спявай!

Такi настрой ствараюць толькi вёсны,

Яго даруе сэрцу любы край.

 

Як зноўку завiтаю на Радзiму,

Мне зразумела справядлiвасць слоў

Пра асалоду i прыемнасць дыму,

Бо грэе сэрца палкая любоў.

 

Прыемна ўсё, куды не гляне вока,

Чароўнае Айчыны пачуццё!

Яго я адчуваю, бо далёка

Жыў ад Радзiмы доўгае жыццё.

 

Ды хутка буду зноў дамоў вяртацца,

Ступаць каб па зямлi бацькоў нагой,

Ў сваёй любвi Радзiме прызнавацца,

Каб развiтацца назаўжды з тугой.

 

Радзiму з лёгкiм сэрцам пакiдалi,

Не ведалi сваёй зямлi цаны,

Далёка справы доўгi час трымалi,

Мы былi нiбы блудныя сыны.

 

Але мацней ў разлуцы i каханне,

Ад успамiнаў сэрца зашчымiць,

Ды надыходзiць вабны час вяртання,

Каб на сваёй зямлi адвечна жыць.

 

22.07.1995

 

Home Page     Змест

 

969     МАЕ РЭЧКI

 

Колькi рэчак вялiкiх i рэчак малых

Ёсць на роднай зямлi у прыроды!

Але Пiна i Прыпяць цяпер удваiх

Будуць любымi мне назаўсёды.

 

Хай прабачыць мяне улюбёны мой Сож,

Ад мяне лёс зусiм не залежыць,

Ён заўжды быў у мроях маiх, але ўсё ж

Цяпер Прыпяцi сэрца належыць.

 

Прыгажосцю кранаюць яе берагi,

З залатога пяску перакаты,

Хаця Сож па-ранейшаму мне дарагi,

Цяпер Прыпяццю буду багаты.

 

Бо таксама павольна ласкавая плынь,

I на беразе верб вабных кроны.

Сож! Ты крыўды зусiм на мяне не пакiнь,

Што ў чароўную Прыпяць ўлюбёны.

 

Прыпяць стала цяпер для мяне дарагой,

З ёй да старасцi будзем мы разам,

Задаволен сяброўствам з магутнай ракой,

Але Сож ўспамiнаецца часам.

 

Хаця рэчак багата цячэ па Зямлi,

Ёсць для радасцi сталай прычына,

Ў маю долю, нарэшце, дзве рэчкi ўвайшлi:

Прыпяць быстрая, цiхая Пiна.

 

31.07.1995

 

Home Page     Змест

 

982     МАЯ РАДЗIМА

 

На луг пайду – якое разнатраўе!

Нiбы не луг, а з кветак дываны,

Уражанняў такіх даўно чакаў я,

Як хлеб надзённы, для душы яны.

 

К сабе гукаюць хараством заўсёды

Адвечныя хваёвыя лясы,

I нават сэрца радуюць балоты.

Палессе – край чароўны, край красы!

 

А рэчак плынь з празрыстаю вадою!

Нiдзе такiх ўжо зараз не знайсцi,

Калi з красой спаткаешся такою,

То па жыццю прываблiва iсцi.

 

Духмяны водар п'ю i не нап'юся,

Сустрэчу з лесам ў сэрцы зберагу,

Нарэшце, да Радзiмы дакрануся,

Развею сваю даўнюю тугу.

 

Прыемна мне i радасна бясконца,

Як пад нагамi родная зямля,

Тут для мяне ласкавей свецiць сонца,

Цудоўней значна пошчак салаўя.

 

Наўкол патрэбна пiльна азiрнуцца,

Як на Радзiму прыязджаю зноў,

Каб шчасце мець, хачу хутчэй вярнуцца,

Не згасла ў сэрцы да яе любоў.

 

8.08.1995

 

Home Page     Змест

 

983     ШЛЯХ ДА ДРУКУ

 

Па-над Прыпяццю буслы высока ляцяць,

З вышынi падаюць дзiўны голас.

Край палескi! Як можна яго не кахаць,

Вельмi ўзнёсла пiсаў аб iм Колас.

 

Прыпяць, быццам у сне, свае воды нясе,

I таксама павольна заўсёды,

Яна вечна ў сваёй некранутай красе

У Дняпро дае чыстыя воды.

 

I натхненне таксама паэтам дае,

Пра Палессе каб песнi спявалi,

Ў часы розныя чыстыя воды яе

Радасць ў душах людзей выклiкалi.

 

Прыпяць – сiмвал Палесся, яго дыямент,

I сапраўднае дзiва прыроды,

Хоць ласкавая, грозна разбурыць ўсё ўшчэнт,

Калi робяцца ёй перашкоды.

 

I паэзii чыстай чароўная плынь,

Як i Прыпяць, належыць народу,

Ёй не месца ляжаць ў глыбiнi цёмнай скрынь,

Да святла выйсцi знойдзе нагоду.

 

Прыгажосць быць павiнна заўжды на вiду,

Каб натхненне душа атрымала,

Як i Прыпяць, да друку шлях вершам знайду,

Каб вядомай паэзiя стала.

 

8.08.1995

 

Home Page     Змест

 

994     СIНЯВОКIЯ АЗЁРЫ

 

Як ў люстэрцы, блакiт на вадзе ад нябёс,

I, здаецца, глыбока, як ў моры,

Назву гэты блакiт зямлi нашай прынёс,

Сiнявокiя нашы азёры.

 

Край лясоў i азёр, сiнявокi мой край,

Безлiч песень табе ўжо прапета!

Колькi песень прыгожых табе не спявай,

Ты натхненне даеш для паэта.

 

Заўжды вабiць бясконца твая прыгажосць,

I прыемны твае краявiды,

Мне у iншых краях пражываць давялось,

Але ў сэрцы мой край не забыты.

 

Вельмi хутка к табе я вяртаюся зноў,

Каб красою тваёй любавацца,

Назаўжды прыязджаю, нарэшце, дамоў,

Бо абрыдла па свету бадзяцца.

 

У душы я збярог да Радзiмы любоў,

Да народу свайго i да мовы,

Слухаць надта прыемна мне музыку слоў,

I на мове чароўнай размовы.

 

Я з табой назаўжды, маiх продкаў зямля,

Ў шчасцi, радасцi, смутку i горы,

Беларусь сiнявокая – радасць мая,

Сiнявокiя нашы азёры.

 

13.08.1995

 

Апошні верш тэмы     Home Page     Змест

 

 

 

Hosted by uCoz